Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЦАРСТВАЎ 12 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


1 Сам 12

1 І сказаў Самуэль усяму Ізраілю: «Я выслухаў усё, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі валадара.

2 Цяпер узначальвае вас гэты валадар. А я ўжо пастарэў і пасівеў, і сыны мае застаюцца з вамі. І хадзіў я з вамі ад юнацтва майго аж да гэтага дня.

3 Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад ГОСПАДАМ і перад памазанцам Ягоным, можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, ад каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы на справу ягоную? Калі так, аднагараджуся вам».

4 Усе адказалі: «Не прыгнятаў ты нас, і ня крыўдзіў, і ніякага хабару ня ўзяў з нічыёй рукі».

5 І ён сказаў ім: «Няхай ГОСПАД будзе сьведкам супраць вас, і памазанец Ягоны ў гэты дзень няхай будзе сьведкам, што ня знойдзена ў руцэ маёй нічога такога». Яны сказалі: «Ён — сьведка».

6 І сказаў Самуэль народу: «Сведка — ГОСПАД, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Эгіпецкай.

7 Цяпер падыйдзіце, і я буду судзіцца з вамі перад абліччам ГОСПАДА ў справе дабра­дзействаў ГОСПАДА, якія Ён учыніў для вас і для бацькоў вашых:

8 Калі прыйшоў Якуб у Эгіпет і калі клікалі бацькі вашыя ГОСПАДА, ГОСПАД паслаў Майсея і Аарона, і яны вывелі бацькоў вашых з Эгіпту, і пасялілі іх у гэтым месцы.

9 Але яны забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісэры, начальніка войска Хацора, у рукі Філістынцаў і ў рукі валадара Мааву, і яны ваявалі супраць іх.

10 І клікалі яны ГОСПАДА, і казалі: “Саграшылі мы, бо пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалам і Астартам. Дык цяпер выратуй нас з рукі ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.

11 І паслаў ГОСПАД Еруббаала, Бэдана, Ефтаха і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола, і жылі вы ў бясьпецы.

12 Калі вы ўбачылі, што Нахаш, валадар сыноў Амона, прыйшоў да вас, вы сказалі мне: “Ня [будзе так], але пастаў валадара над намі!” Але ж ГОСПАД, Бог ваш, — Валадар ваш.

13 І цяпер, вось валадар ваш, якога вы выбралі і якога прасілі, і вось, ГОСПАД даў вам валадара.

14 Калі вы будзеце баяцца ГОСПАДА, і будзеце слу­жыць Яму, і будзеце слухаць голас Ягоны, і ня будзеце непаслухмяныя [слову] з вуснаў ГОСПАДА, будзеце вы і валадар, які валадарыць над вамі, на баку ГОСПАДА, Бога вашага.

15 А калі ня будзеце слухаць голас ГОСПАДА і будзеце непаслухмяныя [слову] з вуснаў ГОСПАДА, тады рука ГОСПАДА будзе супраць вас, як была супраць бацькоў вашых.

16 І цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую ўчыніць ГОСПАД на вачах вашых.

17 Ці ж ня сёньня жніво пшаніцы? Я паклічу ГОСПАДА, і Ён дасьць грымоты і дождж, і вы даведаецеся і ўбачыце, што вялікая ліхота вашая ў вачах ГОСПАДА, бо вы прасілі сабе валадара».

18 І клікаў Самуэль ГОСПАДА, і даў ГОСПАД грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ ГОСПАДА і Самуэля.

19 І казаў увесь народ Самуэлю: «Маліся за слугаў тваіх да ГОСПАДА, Бога твайго, каб мы не паўміралі, бо дадалі мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і гэтае зло, бо прасілі сабе валадара».

20 І сказаў Самуэль народу: «Ня бойцеся! Вы дапусьціліся ўсяго гэтага зла, але не пакідайце ГОСПАДА і служыце ГОСПАДУ ўсім сэрцам сваім.

21 Не адварочвайцеся [ад Яго] і не хадзіце за марнасьцямі, якія не дапамогуць вам і ня выратуюць вас, бо яны — марнасьць.

22 Не пакіне ГОСПАД народу Свайго дзеля вялікага імя Свайго, бо захацеў ГОСПАД зрабіць вас народам Сваім.

23 І я не хачу грашыць перад ГОСПАДАМ, і ня кіну маліцца за вас, і буду вучыць вас шляху добраму і простаму.

24 Толькі бойцеся ГОСПАДА і служыце Яму ў праўдзе ўсім сэрцам вашым, бо вы бачылі, якія вялікія [справы] Ягоныя сярод вас

25 А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і валадар ваш».

Сачыце за намі:



Аб'явы