1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Тэс 2 1 Вы самі ведаеце, браты, пра наш уваход да вас, што ён быў не дарэмны; 2 але, раней нацярпеўшыся і будучы зьняважанымі, як вы ведаеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым гаварыць вам Эвангельле Божае з вялікім змаганьнем. 3 Бо пацяшэньне нашае ані з падману, ані з нячыстасьці, ані з хітраваньня, 4 але, як мы былі выпрабаваныя Богам, каб даверыць [нам] Эвангельле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя. 5 Бо ніколі не было ў нас словаў лісьлівых, як ведаеце, ані думак хцівых, Бог — сьведка! 6 Не шукалі мы славы ад людзей: ані ад вас, ані ад іншых, хоць маглі быць у паважаньні, як Хрыстовыя апосталы, 7 але былі мы лагодныя сярод вас, як карміцелька клапоціцца пра дзетак сваіх. 8 Гэтак мы, рупячыся пра вас, пажадалі перадаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі. 9 Вы памятаеце, браты, працу нашую і стому, уначы і ўдзень працуючы, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае. 10 Сьведкі вы і Бог, як сьвята, праведна і беззаганна былі мы сярод вас, якія паверылі. 11 Бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, прасілі, і пацяшалі, і сьведчылі, 12 каб вы хадзілі дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Валадарства і славу. 13 Дзеля гэтага і мы несупынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы пачутае ад нас слова Божае, прынялі яго не як слова чалавечае, але як яно ёсьць у сапраўднасьці, як слова Божае, што дзейнічае ў вас, якія паверылі. 14 Вы сталіся, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце Ісусе, бо і вы гэтаксама нацярпеліся ад зямлякоў сваіх, як і тыя ад Юдэяў, 15 якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям супрацівяцца, 16 забараняюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя былі збаўленыя, і гэтак дапаўняюць грахі свае заўсёды; але дасягнуў да іх гнеў да канца. 17 Мы ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, моцна намагаліся з вялікім жаданьнем убачыць аблічча вашае. 18 Дзеля гэтага хацелі мы прыйсьці да вас, — асабліва я, Павал, — і раз, і два, але перашкодзіў нам шатан. 19 Бо якая нашая надзея, ці радасьць, ці вянок пахвалы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыйсьце Яго? 20 Бо вы — слава нашая і радасьць. |