1 ПЯТРА 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)1 Пт 4 1 Дык як Хрыстос цярпеў за нас целам, і вы ўзбройцеся такой думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць, 2 каб рэшту часу ў целе жыць не паводле чалавечых пажаданьняў, але паводле волі Божае. 3 Бо досыць ужо, што мы ў мінулы час жыцьця выконвалі волю паганаў, ходзячы ў бессаромнасьці, пажаданьнях, абпіваньні віном, гулянках, банкетаваньнях і агідным ідалапаклонстве. 4 Таму яны зьдзіўляюцца, што вы не бежыцё з імі на гэты разьліў распусты, і блюзьняць. 5 Яны дадуць справаздачу Таму, Хто гатовы судзіць жывых і мёртвых. 6 Бо дзеля гэтага і мёртвым было дабравешчана, каб яны, суджаныя па-чалавечаму целам, жылі па-Божаму духам. 7 А канец усяму набліжаецца. Дык будзьце пры розуме і цьвярозымі ў малітвах. 8 А перш за ўсё мейце нязьменную любоў адзін да аднаго, бо любоў прыкрые мноства грахоў. 9 Будзьце гасьцінныя адны да адных без нараканьняў. 10 Служыце адзін аднаму кожны тым дарам [ласкі], які атрымаў, як добрыя аканомы разнастайнае ласкі Божае. 11 Калі хто гаворыць — як словы Божыя; калі хто служыць — па сіле, якую дае Бог, каб у-ва ўсім славіўся Бог праз Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада на вякі вякоў. Амэн. 12 Улюбёныя! Не зьдзіўляйцеся вогненнаму [выпрабаваньню], якое стаецца дзеля спакушэньня вас, нібы нешта дзіўнае здарылася. 13 Але, як супольнікі ў пакутах Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў адкрыцьці славы Ягонай радавацца і весяліцца. 14 Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух славы, Дух Божы супачывае на вас. Тыя блюзьняць [на Яго], а вы славіце. 15 Абы толькі не цярпеў хто з вас мукі як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або той, хто квапіцца на чужое; 16 а калі як Хрысьціянін, не саромся, але слаў Бога за гэткі ўдзел. 17 Бо час пачацца суду ад дому Божага. А калі спачатку ад нас, дык які канец тых, якія не скарыліся Эвангельлю Божаму? 18 І калі праведны ледзьве збавіцца, дык бязбожнік і грэшнік дзе апынуцца? 19 Так што тыя, якія церпяць паводле волі Божай, няхай перададуць Яму, як вернаму Творцу, душы свае, робячы дабро. |