Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЛЕТАПІСАЎ 18 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


1 Лет 18

1 І сталася пасьля гэтага, што Давід разьбіў Філістынцаў, і ўпакорыў іх, і ўзяў Гат і вёскі ягоныя з рукі Філістынцаў.

2 І разьбіў ён Мааўлянаў, і сталі Мааўляне слугамі Давіда, даючы яму дары.

3 І разьбіў Давід Гададэзэра, валадара Цовы, у Хамаце, калі той ішоў, каб умацаваць уладу сваю над ракою Эўфрат.

4 І ўзяў Давід у яго тысячу калясьніцаў, сем тысячаў коньнікаў і дваццаць тысячаў пяхотнікаў, і падрэзаў Давід жылы ўсім [коням] калясьнічным, і пакінуў з іх на сто калясьніцаў.

5 І прыйшоў Арам з Дамаску на дапамогу Гададэзэру, валадару Цовы, і разьбіў Давід у Арама дваццаць дзьве тысячы чалавек.

6 І паставіў Давід [залогу] ў Арама ў Дамаску, і Арамляне сталі слугамі Давіда, прыносячы [яму] дары. І ГОСПАД дапамагаў Давіду паўсюль, дзе ён хадзіў.

7 І ўзяў Давід шчыты залатыя, якія былі ў слугаў Гададэзэра, і прынёс іх у Ерусалім.

8 А з Тыўхаты і Зуну, гарадоў Гададэзэра, узяў Давід вельмі шмат медзі. З яе Салямон зрабіў мора мядзянае, і слупы, і начыньне мядзянае.

9 І пачуў Тоў, валадар Хамату, што Давід разьбіў усё войска Гададэзэра, валадара Цовы.

10 І паслаў Гадарама, сына свайго, да валадара Давіда, каб запытацца пра супакой, і каб дабраславіць яго за тое, што ён ваяваў з Гададэзэрам і разьбіў яго, бо Тоў вёў вайну з Гададэзэрам, і [ён паслаў] усялякія начыньні залатыя, срэбныя і мядзяныя.

11 Таксама гэтае начыньне пасьвяціў валадар Давід для ГОСПАДА разам са срэбрам і золатам, якое ён узяў у-ва ўсіх народаў, у Эдома, у Маава, у сыноў Амона, у Філістынцаў і Амалека.

12 І Абішай, сын Цэруі, разьбіў Эдамлянаў у Саляной даліне, васямнаццаць тысячаў;

13 І паставіў ён залогі ў Эдоме, і стаў увесь Эдом слугамі Давіда. І дапамагаў ГОСПАД Давіду паўсюль, дзе ён хадзіў.

14 І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў суд і праведнасьць усяму народу свайму.

15 Ёаў, сын Цэруі, [быў] над войскам, Язафат, сын Ахілюда — канцлер,

16 Цадок, сын Ахітува, і Абімэлех, сын Абіятара — сьвятары, Шаўша — пісар,

17 Бэная, сын Егаяды — над Керэтамі і Пэлетамі; а сыны Давіда — першыя пры валадары.

Сачыце за намі:



Аб'явы