Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 ЛЕТАПІСАЎ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


1 Лет 11

1 І сабраўся ўвесь Ізраіль да Давіда ў Хеўрон, кажучы: «Вось, мы — косткі твае і цела тваё.

2 І ўчора, і пазаўчора, і за жыцьця Саўла валадара ты выводзіў і ўводзіў Ізраіль, і ГОСПАД, Бог твой, сказаў табе: “Ты будзеш пасьвіць народ Мой, Ізраіль, і ты будзеш правадыром над народам Маім Ізраілем”».

3 І прыйшлі ўсе старшыні Ізраіля да валадара ў Хеўрон, і заключыў Давід запавет у Хеўроне перад абліччам ГОСПАДА; і яны памазалі Давіда на валадара над Ізраілем паводле слова ГОСПАДА праз Самуэля.

4 І пайшоў Давід і ўвесь Ізраіль да Ерусаліму, гэта [значыць] Евусу. І там [былі] Евусэі, жыхары зямлі той.

5 І сказалі жыхары Евусу Давіду: «Ты ня ўвойдзеш сюды». Але Давід здабыў крэпасьць Сыён, гэта горад Давіда.

6 І сказаў Давід: «Той, хто першы паб’е Евусэяў, будзе галоўным і князем». І ўзыйшоў першым Ёаў, сын Цэруі, і стаў галоўным.

7 І жыў Давід у крэпасьці, дзеля гэтага назвалі яе горадам Давіда.

8 І ён забудаваў горад навокал, ад Міло і навокал, а Ёаў аднавіў рэшту гораду.

9 І хадзіў Давід у моцы, і дужэў, і ГОСПАД Магуцьцяў [быў] з ім.

10 І вось галоўныя, якія [былі] з волатаў Давіда, і якія ўмацоўвалі з ім валадарства ягонае, з усім Ізраілем, каб паставіць яго на валадара, паводле слова ГОСПАДА адносна Ізраіля.

11 І вось лік волатаў, якія [былі] з Давідам: Яшавэам, сын Хахмоні, галоўны з трыццаці. Ён падняў дзіду сваю на тры сотні [ворагаў] і пабіў іх адным разам.

12 Пасьля яго Элеазар, сын Дадо Ахахіча. Ён — [адзін] з трох магутных.

13 Ён быў з Давідам у Пас-Даміме, і Філістынцы сабраліся там на вайну. І была частка поля засеяна ячменем, і народ уцёк перад абліччам Філістынцаў.

14 І яны сталі пасярод поля, і абаранілі яго, і пабілі Філістынцаў. І збавіў ГОСПАД збаўленьнем вялікім.

15 І зыйшлі трое з гэтых трыццаці галоўных на скалу да Давіда, у пячору Адулям, а табар Філістынцаў быў у даліне Рэфаім.

16 Давід тады быў у крэпасьці, а аддзел Філістынцаў быў у Бэтлееме.

17 І засмагнуў Давід, і сказаў: «Хто дасьць мне піць вады са студні ў Бэтлееме, якая каля брамы?»

18 І тады гэтыя тры прабіліся скрозь табар Філістынцаў, і зачэрпнулі са студні ў Бэтлееме, якая каля брамы, і прынесьлі, і далі Давіду. І не захацеў Давід піць яе, і выліў яе для ГОСПАДА.

19 І сказаў: «Няхай будзе далёка ад мяне, Божа мой, каб я зрабіў гэта! Ці буду я піць кроў мужоў гэтых, якія мелі ў небясьпецы душы свае? Бо з небясьпекай для душаў сваіх яны прынесьлі [ваду]». І не захацеў яе піць. Вось што зрабілі гэтыя тры волаты.

20 І Абішай, брат Ёава, быў галоўны над трыма. Ён падняў дзіду сваю на тры сотні [ворагаў] і пабіў [іх], і меў імя ў тых трох.

21 З трыццаці ён быў выдатнейшы, і быў іх правадыром; але першым тром не дараўняўся.

22 Бэная, сын Егаяды, сын мужа адважнага, [слаўнага] шматлікімі справамі, з Каўцээлю. Ён перамог двух ільвоў Мааву; і ён зыйшоў, і забіў ільва ў яме ў дзень завеі.

23 І ён забіў Эгіпцяніна, чалавека, [які быў] ростам у пяць локцяў. У руцэ Эгіпцяніна была дзіда, як навой ткацкі; і ён выйшаў на яго з кіем, і вырваў дзіду з рукі Эгіпцяніна, і забіў яго дзідай ягонай.

24 Вось што зрабіў Бэная, сын Егаяды! І ён меў імя ў тых трох волатаў.

25 Ён быў слаўны сярод трыццаці, але тром не дараўняўся. І Давід паставіў яго над вартаю сваёй.

26 І магутныя з мужных: Асаэль, брат Ёава, Эльханан, сын Дадо з Бэтлеему;

27 Шамот з Гароры; Хэлец з Пэлоны;

28 Іра, сын Ікеша, з Тэкоа; Абіэзэр з Анатоту;

29 Сібэнай з Хушаты, Ілай з Ахохі,

30 Маграй з Нэтофы; Хэлед, сын Бааны, з Нэтофы;

31 Ітай, сын Рыбая, з Гівы сыноў Бэн’яміна; Бэная з Піратону;

32 Хурай з Нахале-Гааша; Абіэль з Арабаты;

33 Азмавэт з Бахурыму, Эліахба з Шаалвону;

34 сыны Гашэма з Гізону; Ёнатан, сын Шагэ, з Гарары;

35 Ахіям, сын Сахара, з Гарары; Эліфал, сын Ура;

36 Хэфэр з Мэхэры; Ахія з Пэлоны;

37 Хэцро з Кармэлю; Наарай, сын Эзбая;

38 Ёэль, брат Натана; Міўхар, сын Гагры;

39 Цэлек з Амону; Нахарай з Бэроту, збраяносец Ёава, сына Цэруі;

40 Іра з Етэру; Гарэў з Етэру;

41 Урыя Хет; Завад, сын Ахлая;

42 Адына, сын Шызы, Рубэніч, галава сыноў Рубэна, і з ім трыццаць;

43 Ханан, сын Маахі; Язафат з Мітні;

44 Узі з Аштароту; Шама і Еіэль, сыны Хафама з Араэру;

45 Едыяэль, сын Шымры, і Ёха, брат ягоны, з Тыцы;

46 Эліэль з Махавіму, Ерывай і Ёшавай, сыны Эльнаама; Ітма з Мааву;

47 Эліеэль, Абэд, Яасіэль з Мэцаваі.

Сачыце за намі:



Аб'явы