Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 КАРЫНФЯНАЎ 4 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


1 Кар 4

1 Гэтак няхай лічаць нас людзі за паслугачоў Хрыстовых і за аканомаў тайнаў Божых.

2 Ад аканомаў жа, урэшце, вымагаецца, каб кожны быў знойдзены верным.

3 Для мяне малая [рэч], як судзіце пра мяне вы ці іншыя людзі; але я і сам не суджу сябе.

4 Бо хоць нічога ня ведаю за сабою, але ў гэтым я не апраўданы. Госпад — Той, Які судзіць мяне.

5 Так што не судзіце перад часам, пакуль ня прыйдзе Госпад, Які і асьветліць схаванае ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

6 А гэтае, браты, аднёс я да сябе і Апалёса дзеля вас, каб вы ад нас навучыліся ня думаць больш за тое, што напісана, каб не ганарыліся адзін перад адным.

7 Бо хто адзначае цябе? Што ты маеш, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, нашто хвалішся, як быццам не атрымаў?

8 Вы ўжо насыціліся, ужо сталіся багатымі, бяз нас валадарыце. І калі б вы так валадарылі, каб і нам з вамі валадарыць!

9 Бо я думаю, што Бог нас, апосталаў, паставіў за апошніх, быццам на сьмерць асуджаных, бо мы сталіся відовішчам для сьвету, для анёлаў і для людзей.

10 Мы дурныя дзеля Хрыста, а вы мудрыя ў Хрысьце; мы — слабыя, а вы — дужыя; вы — слаўныя, а мы — без пашаны.

11 Да цяперашняе гадзіны мы галодныя, і сасмаглыя, і голыя, і б’юць нас, і туляемся,

12 і працуем, робячы сваімі рукамі. Зьневажаныя, мы дабраслаўляем; перасьледаваныя, мы церпім;

13 абражаюць нас, мы молімся; мы сталіся, як адкіды гэтага сьвету, як сьмецьце для ўсіх да цяпер.

14 Не каб пасароміць вас, пішу гэтае, але як улюбёных дзяцей маіх настаўляю.

15 Бо хаця вы маеце дзесяць тысячаў выхавацеляў у Хрысьце, але няшмат бацькоў, бо я нарадзіў вас у Хрысьце Ісусе праз Эвангельле.

16 Дык малю вас: будзьце маімі пераймальнікамі.

17 Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, які ёсьць дзіця маё ўлюбёнае і вернае ў Госпадзе, які нагадае вам шляхі мае ў Хрысьце, як я паўсюль у-ва ўсякай царкве навучаю.

18 А як я не прыходжу да вас, некаторыя ўзганарыліся,

19 але я хутка прыйду да вас, калі Госпад захоча, і даведаюся ня словы ганарліўцаў, а сілу,

20 бо Валадарства Божае ня ў слове, але ў сіле.

21 Што хочаце? [Каб я] з кіем прыйшоў да вас ці з любоўю і духам ціхасьці?

Сачыце за намі:



Аб'явы