Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

1 КАРЫНФЯНАЎ 13 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


1 Кар 13

1 Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, я — медзь, якая зьвініць, ці цымбалы, якія гудуць.

2 І калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а любові ня маю, я — нішто.

3 І калі я раздам усю маёмасьць маю, і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, няма мне ніякае карысьці.

4 Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца,

5 ня робіць непрыстойнага, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае ліхога,

6 ня радуецца з няправеднасьці, але цешыцца з праўды;

7 усё вытрымлівае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё трывае.

8 Любоў ніколі ня зьнікне, калі нават прароцтвы зьнікнуць, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне зьнішчыцца.

9 Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;

10 а калі прыйдзе дасканалае, тады тое, што частковае, зьнікне.

11 Калі я быў немаўлём, як немаўлятка гаварыў, як немаўлятка думаў; а калі стаўся мужам, пакінуў тое, што немаўляці.

12 Бо цяпер мы бачым праз [мутнае] шкло, невыразна; а тады — абліччам да аблічча; цяпер я разумею часткова, а тады пазнаю [гэтаксама], як я сам пазнаны.

13 А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але большая з іх — любоў.

Сачыце за намі:



Аб'явы