А ГОСПАД зажадаў скрышыць Яго і аддаць на пакуты. Калі Ён аддасьць душу Сваю ў ахвяру за грэх, Ён убачыць насеньне [Сваё] і будзе мець доўгія дні, і жаданьне ГОСПАДА будзе рукою Ягонай споўнена.
Дзеля гэтага Я дам Яму [частку] сярод многіх, і з магутнымі Ён будзе дзяліць здабычу за тое, што Ён аддаў душу Сваю на сьмерць, і ў злачынцы быў залічаны. І Ён панёс на Сабе грахі многіх, і заступіўся за злачынцаў.
Семдзясят тыдняў вызначана народу твайму і гораду сьвятому твайму, каб спыніць правіну, і скончыць [меру] грэху, і адкупіць беззаконьне, і прывесьці праведнасьць вечную, і запячатаць відзежы і прароцтвы, і памазаць Сьвятое Сьвятых.
І пасьля шасьцідзесяці двух тыдняў будзе забіты Памазанец, і ня будзе Яго, а горад і сьвятыню зьнішчыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец ягоны — як паводка, і аж да канца вайны вызначана [быць] спусташэньням.
Якога Бог пастанавіў [быць] ахвярай перамольнай у крыві Ягонай праз веру, дзеля выяўленьня праведнасьці Сваёй праз дараваньне грахоў, учыненых раней, у [час] цярплівасьці Божае,
углядаючыся на Пачынальніка і Завяршальніка веры, Ісуса, Які замест радасьці, што была перад Ім, вытрываў крыж, пагардзіўшы сорамам, і сеў праваруч пасаду Божага.