І азірнуўся я на ўсе справы свае, якія зрабілі рукі мае, і на цяжкую працу маю, якую рабіў, працуючы, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і няма карысьці з гэтага пад сонцам.
І хто ведае, ці мудрым ён будзе, ці неразумным? А ён будзе панаваць над [пладамі] ўсёй цяжкай працы маёй, дзеля якіх я працаваў і якія мудрасьцю зьбіраў пад сонцам. І гэта таксама марнасьць.
Таксама калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў уладу спажыць гэта, і браць частку сваю, і радавацца з цяжкай працы сваёй, дык гэта дар Божы.
Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцьці, у палічаных днях марнага жыцьця, якое праходзіць, як цень? І хто распавядзе чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам?
І тое кепска ў-ва ўсім, што робіцца пад сонцам, што адна доля для ўсіх; і таксама сэрца сыноў чалавечых поўнае зла, і шаленства [маюць яны] ў сэрцы пад час жыцьця свайго, а потым [адыходзяць] да памёршых.
Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што ня хлеб, і працу сваю за тое, што не насыціць? Слухаючы, паслухайце Мяне і будзеце есьці [тое, што] добрае, і будзе насалоджвацца тлустым душа вашая.
Працуйце ж ня дзеля ежы, што зьнішчаецца, але дзеля ежы, якая застаецца ў жыцьцё вечнае, якое дасьць вам Сын Чалавечы, бо на Ім паставіў пячатку Айцец Бог».