І азірнуўся я на ўсе справы свае, якія зрабілі рукі мае, і на цяжкую працу маю, якую рабіў, працуючы, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і няма карысьці з гэтага пад сонцам.
Бо чалавеку, які добры перад абліччам Ягоным, Ён дае мудрасьць, і веданьне, і радасьць, а грэшніку дае занятак, каб зьбіраў, і назапашваў, і [потым] аддаў таму, хто добры перад абліччам Божым. І гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам.
Бо доля сыноў чалавечых і доля жывёлы — аднолькавая доля; як тыя паміраюць, так і гэтыя паміраюць, і дух [жыцьця] аднолькавы для ўсіх, і няма ў чалавека перавагі над жывёлаю, бо ўсё — марнасьць.
Няма канца ўсяму народу, усім, якія былі перад ім, але тыя, што пасьля будуць, ня будуць радавацца дзеля яго. І гэта таксама марнасьць і турбаваньне духа.
І ўбачыў я, што кожная цяжкая праца і кожны посьпех у справах выклікае зайздрасьць да чалавека ў бліжняга [ягонага]. Гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам.