І станецца ў той час, што Я са сьвечкамі абшукаю Ерусалім і наведаю мужоў, якія задубелі на дрожджах сваіх, якія кажуць у сэрцы сваім: «ГОСПАД ня робіць дабра і ня робіць ліха».
Мааў цешыўся супакоем ад юнацтва свайго і адпачываў спакойна на дражджах сваіх, і ня быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не ішоў на выгнаньне. Таму захаваў ён смак свой, і пах ягоны не зьмяніўся.
І Ён сказаў мне: «Ці ты бачыш, сыне чалавечы, што робіць у цемры кожны са старшыняў дому Ізраіля, кожны ў таемным пакоі ідалаў сваіх? Бо яны кажуць: “ГОСПАД ня бачыць нас. ГОСПАД пакінуў зямлю гэтую”».
ГОСПАД сказаў яму: «Прайдзі праз сярэдзіну гораду, праз сярэдзіну Ерусаліму і напішы гэты знак “таў” на чолах мужчынаў, якія ўздыхаюць і бядуюць з прычыны ўсіх тых брыдотаў, якія ў ім робяцца».
І сказаў Ён мне: «Беззаконьне дому Ізраіля і Юды вельмі, вельмі вялікае, зямля поўная крыві, а горад напоўнены няпраўдаю, бо яны кажуць: “ГОСПАД пакінуў зямлю гэтую. ГОСПАД ня бачыць”.
Вы стамілі ГОСПАДА словамі вашымі, і вы кажаце: «Чым мы стамілі?» Размовамі вашымі: «Кожны, хто робіць ліха — добры ў вачах ГОСПАДА, і Ён мае ўпадабаньне ў іх», альбо: «Дзе Бог суду?»