Праз гэта будзе адпушчана беззаконьне Якуба, і плодам гэтага будзе прыбраны грэх ягоны, калі ён возьме ўсе камяні ахвярніка [ідальскага] і раструшчыць, як камяні вапнавыя, і ня будуць [больш] стаяць астарты і выявы сонца.
Прыхіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце, і будзе жыць душа вашая! І Я заключу з вамі запавет вечны дзеля нязьменнай міласэрнасьці, [абяцанай] Давіду.
І вось запавет Мой з імі, кажа ГОСПАД: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія Я ўклаў у вусны твае, не адыйдуць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў насеньня твайго, і ад вуснаў насеньня насеньня твайго, кажа ГОСПАД, ад цяпер і на вякі.
У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, будуць шукаць беззаконьне ў Ізраіля, і ня будзе яго, і [шукаць] грахі ў Юды, і ня знойдуць іх, бо Я прабачу тых, якіх пакіну.