Калі скажаш: «Вось, мы ня ведалі гэтага?», ці ж Той, Хто дасьледуе сэрцы, не разумее? Ці ж Той, Хто захоўвае душу тваю, ня ведае? Ці ж Ён не аддасьць чалавеку паводле справаў ягоных?
Ты вялікі ў радзе і магутны ў справах. Вочы Твае адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле пладоў учынкаў ягоных.
Дзеля гэтага, дом Ізраіля, Я буду судзіць вас кожнага паводле шляхоў вашых, кажа Госпад ГОСПАД. Навярніцеся і адвярніцеся ад усіх злачынстваў вашых, і ня будзе вам нагоды для беззаконьня.
Валадар будзе ў жалобе, князь перапоўніцца замяшаньнем, і рукі народу зямлі гэтай будуць дрыжаць. Я зраблю ім паводле шляхоў іхніх і паводле судоў іхніх буду судзіць іх. І даведаюцца, што Я — ГОСПАД».
Нахілі, Божа мой, вуха Тваё і пачуй! Адчыні вочы Твае і паглядзі на спусташэньне нашае і на горад, які названы імем Тваім, бо не з прычыны праведнасьці нашай мы кладзем перад абліччам Тваім маленьні нашыя, але з прычыны вялікай літасьці Тваёй.
Які Бог падобны да Цябе, Які даруеш беззаконьне і абмінаеш віну рэшты спадчыны Тваёй, Які трымаеш заўсёды гнеў Твой, бо маеш упадабаньне ў міласэрнасьці?