I павярнуўся, і зыйшоў Майсей з гары; і дзьве табліцы Сьведчаньня [былі] ў руцэ ягонай, табліцы, на якіх было напісана з абодвух бакоў, на адным і на другім баку было напісана на іх.
І будзе месца, якое выбраў ГОСПАД, Бог ваш, каб у ім жыло імя Ягонае. Туды прыносьце ўсё, што я загадваю вам: цэласпаленьні вашыя, ахвяры крывавыя вашыя, дзесяціны вашыя, дары рук вашых і ўсе шлюбаваньні вашыя, якія вы абяцалі для ГОСПАДА.
Тры разы ў год няхай зьявіцца кожны мужчына твой перад аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбраў: на сьвята Праснакоў, на сьвята Тыдняў і на сьвята Намётаў. І [ніхто] няхай не прыходзіць перад аблічча ГОСПАДА з пустымі [рукамі].