І Я дабраслаўлю тых, якія будуць дабраслаўляць цябе, а тых, якія будуць праклінаць цябе, Я пракляну. І будуць дабраслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі».
Потым навернуцца сыны Ізраіля і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго, і Давіда, валадара свайго, і будуць баяцца ГОСПАДА і добрасьці Ягонай у апошнія дні.
Ты, Бэтлеем-Эфрата, — найменшы сярод тысячаў Юды, з цябе выйдзе для Мяне Той, Які будзе Правадыром у Ізраілі, Які паходзіць здаўна, ад дзён старадаўніх.
Радуйся моцна, дачка Сыёну, усклікай, дачка Ерусаліму. Вось, Валадар твой прыходзіць да цябе, Ён праведны і збаўляе, Ён пакорны і сядзіць на асьле і на асьляняці, сыне асьліцы.
Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад абліччам Маім, і раптоўна прыйдзе ў сьвятыню Сваю Госпад, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, Якога вы жадаеце. Вось, Ён прыйдзе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
Бачу яго, але [яшчэ] не цяпер, аглядаю яго, але ня зблізка. Узыходзіць зорка з Якуба, і паўстае скіпетр з Ізраіля; і ён струшчыць скроні Мааву і зьнішчыць усіх сыноў Сэта.