Ці ты, Эфраім, не дарагі сын для Мяне і ці не дзіцё любае? Бо колькі разоў прамаўляю супраць яго, заўжды, памятаючы, памятаю яго. Таму хвалюецца ўнутранасьць Мая дзеля яго, і, літуючыся, зьлітуюся над ім, кажа ГОСПАД.
І ня будзе вучыць больш чалавек бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнайце ГОСПАДА”, бо ўсе, ад найменшага з іх да найбольшага, будуць ведаць Мяне, кажа ГОСПАД, бо Я прабачу беззаконьні іхнія, і пра грахі іхнія ня буду больш узгадваць.
І Я ачышчу іх ад усіх беззаконьняў, якімі яны грашылі супраць Мяне, і прабачу ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі супраць Мяне, і праз якія яны адыйшлі ад Мяне.
У тыя дні і ў той час, кажа ГОСПАД, будуць шукаць беззаконьне ў Ізраіля, і ня будзе яго, і [шукаць] грахі ў Юды, і ня знойдуць іх, бо Я прабачу тых, якіх пакіну.
Семдзясят тыдняў вызначана народу твайму і гораду сьвятому твайму, каб спыніць правіну, і скончыць [меру] грэху, і адкупіць беззаконьне, і прывесьці праведнасьць вечную, і запячатаць відзежы і прароцтвы, і памазаць Сьвятое Сьвятых.
І Ён адказаў, і сказаў да тых, якія стаялі перад абліччам Ягоным, кажучы: “Здыміце з яго адзеньне запэцканае”. А яму сказаў: “Глядзі, Я зьняў з цябе беззаконьне тваё, і апрануў цябе ў шаты ўрачыстыя”.
І адменіць ГОСПАД, Бог твой, няволю тваю і зьлітуецца над табою, і верне цябе, і зьбярэ цябе з усіх народаў, у якіх расьцярушыў цябе ГОСПАД, Бог твой.