Яны будуць лізаць пыл, як зьмеі, як паўзуны зямныя. Яны будуць напалоханыя ў норах сваіх; перад ГОСПАДАМ, Богам нашым, будуць дрыжаць, і будуць баяцца Цябе.
І будуць валадары выхавацелямі тваімі, а валадаркі іхнія — карміцелькамі тваімі. Абліччам да зямлі будуць пакланяцца табе і будуць лізаць пыл ног тваіх, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, і ня будуць асаромлены тыя, якія спадзяюцца на Мяне».
І прыйдуць да цябе з паклонам сыны крыўдзіцеляў тваіх, і ўпадуць да стопаў ног тваіх усе, якія пагарджалі табою, і назавуць цябе Горадам ГОСПАДА і Сыёнам Сьвятога Ізраіля.
Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном [зямлі]. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.
Вось, Я пасылаю шмат рыбаловаў, кажа ГОСПАД, і будуць лавіць іх, а пасьля пашлю шмат паляўнічых, і будуць паляваць на іх на ўсіх гарах, і на ўсіх узгорках, і ў-ва ўсіх шчылінах скалаў.
І станецца [Ерусалім] у Мяне імем радасьці і хвалы, і славы для ўсіх народаў зямлі, якія пачуюць пра ўсе дабарадзействы, што Я зрабіў яму. І будуць яны баяцца, і будуць трымцець дзеля ўсяго дабра і дзеля ўсяго супакою, якія Я зрабіў для яго.
І вы будзеце ўцякаць у даліну гор Маіх, бо даліна гор будзе сягаць аж да Ацэлу; і вы будзеце ўцякаць, як уцякалі перад землятрусам у дні Узіі, валадара Юды; і прыйдзе ГОСПАД, Бог мой, і ўсе сьвятыя з Ім.
І яны адказалі Егошуа, і сказалі: «Мы, слугі твае, даведаліся, што ГОСПАД, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасьць вам усю зямлю гэтую і зьнішчыць усіх жыхароў зямлі гэтай перад абліччам вашым. І мы дужа баяліся за жыцьцё нашае перад абліччам вашым, і вырашылі так зрабіць.
Вось, Я даю, што з сынагогі шатана, з тых, якія называюць сябе Юдэямі, ды ня ёсьць, але хлусяць, вось, Я зраблю, каб яны прыйшлі, і пакланіліся перад нагамі тваімі, і даведаліся, што Я палюбіў цябе.