І, падыйшоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Настаўнік! Настаўнік! Мы гінем». А Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і яны спыніліся, і сталася ціша.
Чаму, калі Я прыйшоў, не было нікога? Я клікаў, і ніхто не адказваў? Ці ж кароткай стала рука Мая, каб вызваляць? Ці ж ня маю Я сілы, каб выратоўваць? Вось, пагрозай Маёй Я высушваю мора, перамяняю рэкі ў пустыню, і гніюць рыбы іхнія без вады, і дохнуць ад смагі.
Вы не баіцёся Мяне, кажа ГОСПАД, не трымціце перад абліччам Маім. Я паставіў пясок мяжой для мора як мяжу вечную, якую яно не пераступіць; хоць паўстануць [хвалі], але ня змогуць, і будуць шалець хвалі, але не перакрочаць [мяжы].
Ён жа сказаў ім: «Дзе вера вашая?» А яны, спалохаўшыся, у зьдзіўленьні гаварылі адзін аднаму: «Хто Ён ёсьць, што вятрам загадвае і вадзе, і яны падпарадкоўваюцца Яму?»