І сказаў ім: «Вось тыя словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што мусіць споўніцца ўсё, што напісана пра Мяне ў Законе Майсея, і ў Прарокаў, і ў Псальмах».
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць.
Бо Дзіця нарадзілася нам, Сын дадзены нам, улада на плячах Ягоных, і назавуць імя Ягонае: Цудоўны Дарадца, Бог Магутны, Бацька Вечнасьці, Князь Супакою.
Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе валадарыць Валадар, і Ён будзе справядлівы, і Ён будзе чыніць суд і праведнасьць на зямлі.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Я вазьму вершаліну кедра вялікага і пасаджу, з найвышэйшых парасткаў яго выламлю галінку і пасаджу яе на высокай і стромай гары.
А ў дні валадароў тых Бог Нябесны паставіць валадарства, якое вечна ня будзе зьнішчана, і гэтае валадарства ня будзе пераходзіць да іншага народу; яно скрышыць і зруйнуе ўсе валадарствы, а само будзе стаяць на вякі,
Я бачыў у відзежах начных, і вось, з хмарамі нябеснымі нібы Сын Чалавечы надыходзіць, і Ён прыйшоў да Старадаўняга Днямі, і Яго падвялі перад аблічча Ягонае.
Потым навернуцца сыны Ізраіля і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго, і Давіда, валадара свайго, і будуць баяцца ГОСПАДА і добрасьці Ягонай у апошнія дні.
І Я выльлю на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліму Дух ласкі і маленьня, і яны будуць глядзець на Таго, Якога яны прабілі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзіным [сыне], і будуць горка плакаць па Ім, як горка плачуць па першародным.
І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Аліўнай, якая перад абліччам Ерусаліму з усходу; і рашчэпіцца гара Аліўная папалам, на ўсход і на захад, [і будзе] даліна вельмі вялікая, і пасунецца палова гары на поўнач, а палова — на поўдзень.
Радуйся моцна, дачка Сыёну, усклікай, дачка Ерусаліму. Вось, Валадар твой прыходзіць да цябе, Ён праведны і збаўляе, Ён пакорны і сядзіць на асьле і на асьляняці, сыне асьліцы.
І выратуе грамада забойцу ад рукі мсьціўца за кроў і верне яго грамада ў горад прыбежышча, куды ён уцёк, і ён будзе там жыць да сьмерці сьвятара вялікага, які памазаны сьвятым алеем.
Ад таго часу пачаў Ісус паказваць вучням Сваім, што Ён мусіць пайсьці ў Ерусалім і шмат перацярпець ад старшыняў, і першасьвятароў, і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне.
Бо Закон, які мае цень будучага дабра, а ня сам вобраз рэчаў, тымі ахвярамі, якія нязьменна прыносяцца штогод, ніколі ня можа зрабіць дасканалымі тых, што прыходзяць [з імі].
І я ўпаў да ног ягоных, каб пакланіцца яму, і ён кажа мне: «Глядзі, не [рабі гэтага]! Я — таварыш твой і братоў тваіх, якія маюць сьведчаньне Ісуса. Богу пакланіся, бо сьведчаньне Ісуса ёсьць дух прароцтва».