Радуйся моцна, дачка Сыёну, усклікай, дачка Ерусаліму. Вось, Валадар твой прыходзіць да цябе, Ён праведны і збаўляе, Ён пакорны і сядзіць на асьле і на асьляняці, сыне асьліцы.
Цяжар адносна бегемоту паўднёвага. Праз зямлю гора і прыгнёту, адкуль ільвіца і леў, гадзюка і крылатая гадзіна, нясуць на сьпінах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў — скарбы свае да народу, які ім ня будзе карысным.
Узыйдзі на высокую гару, дабравесьнік Сыёну! Узьнімі з [усёй] сілы голас твой, ты, дабравесьнік Ерусаліму! Узьнімі [голас], ня бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш!»
Распавядзіце і наблізьцеся, і будзем радзіцца разам. Хто расказаў пра гэта здаўна, і хто распавёў пра гэта раней? Ці ж ня Я, ГОСПАД? Бо няма іншага Бога акрамя Мяне, Бога праведнага і Таго, Хто збаўляе. Няма іншага апрача Мяне.
Якія прыгожыя на гарах ногі тых, што дабравесьцяць і абвяшчаюць мір, дабравесьцяць дабро і абвяшчаюць збаўленьне, кажуць Сыёну: «Валадарыць Бог твой»!
Бо гэта кажа Высокі і Узьнесены, Які жыве вечна, і Сьвятое імя Ягонае: «Я жыву на вышынях і ў сьвятасьці, і [Я жыву] з тым, хто зламаны і спакораны духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца прыгнечаных.
Вось, ГОСПАД абвяшчае аж да краю зямлі: «Скажыце дачцы Сыёну: “Вось, прыходзіць Збаўца твой, вось, плата Ягоная разам з Ім і нагарода Ягоная перад абліччам Ягоным”».
Ты, Бэтлеем-Эфрата, — найменшы сярод тысячаў Юды, з цябе выйдзе для Мяне Той, Які будзе Правадыром у Ізраілі, Які паходзіць здаўна, ад дзён старадаўніх.
Яны ж закрычалі: «Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго!» Кажа ім Пілат: «Валадара вашага ўкрыжую?» Адказалі першасьвятары: «Мы ня маем валадара, акрамя цэзара».