І прыйдуць да цябе з паклонам сыны крыўдзіцеляў тваіх, і ўпадуць да стопаў ног тваіх усе, якія пагарджалі табою, і назавуць цябе Горадам ГОСПАДА і Сыёнам Сьвятога Ізраіля.
Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном [зямлі]. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.
І яны прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў як дар для ГОСПАДА на конях і на вазах, на насілах, і на мулах, і на вярблюдах на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа ГОСПАД, як сыны Ізраіля прыносяць дар у чыстых пасудзінах у Дом ГОСПАДА.
«Міхей з Марэшэту прарочыў у дні Эзэкіі, валадара Юды, і ён казаў да ўсяго народу Юды, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Сыён будзе заараны як поле, Ерусалім станецца руінамі, а гара Дому [Божага] — узгоркам лясным”.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Усьцяж будуць паўтараць слова гэтае ў зямлі Юды і ў гарадах ейных, калі Я перамяню долю іхнюю: "Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД, жытло праведнасьці, гара сьвятая".
Госпадзе! Паводле ўсёй праведнасьці Тваёй няхай адвернецца гнеў Твой і абурэньне Тваё ад гораду Твайго Ерусаліму, сьвятой гары Тваёй, бо за грахі нашыя і за беззаконьні бацькоў нашых Ерусалім і народ Твой у ганьбе ў-ва ўсіх, хто навокал нас.
Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць беззаконьне і ня будзе гаварыць хлусьні, і ня знойдзецца ў вуснах іхніх язык падманлівы, бо яны будуць пасьвіцца і супачываць, і ніхто ня будзе палохаць [іх]».
Дзеля гэтага кажа ГОСПАД: “Я зьвярнуся да Ерусаліму з літасьцю. Дом Мой будзе адбудаваны ў ім, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і меральны шнур будзе расьцягнуты над Ерусалімам”.
У той дзень Я зраблю князёў Юды як казан з агнём сярод дроваў і як паходню запаленую сярод снапоў, і яны пажаруць справа і зьлева ўсе народы навокал, і Ерусалім будзе зноў населены на месцы сваім, у Ерусаліме.
І ўся зямля будзе як раўніна ад Гевы да Рымону, які на поўдні ад Ерусаліму, і ён будзе ўзьняты, і будзе заселены на месцы сваім, ад Брамы Бэн’яміна і да месца Брамы Першай, аж да Брамы Нарожнай, і ад Вежы Хананэля аж да тоўчні валадара.
«Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Пост чацьвёртага і пост пятага, і пост сёмага, і пост дзясятага [месяца] будзе для дому Юды радасьцю і вясёласьцю, і сьвятам добрым. І любіце праўду і супакой!
Ці якая лучнасьць у бажніцы Божай з ідаламі? Бо вы — бажніца Бога Жывога, як сказаў Бог: «Буду жыць у іх і буду хадзіць з імі; і буду іхнім Богам, і яны будуць Маім народам».
І пачуў я голас вялікі з неба, які казаў: «Вось, намёт Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і яны будуць народам Ягоным, і Сам Бог будзе з імі Богам іхнім.