Ты пачуй з неба, з месца знаходжаньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што прасіць Цябе будзе чужынец, каб ведалі ўсе народы зямлі імя Тваё і баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраіль, і каб ведалі, што імя Тваё заклікаецца над Домам гэтым, які я пабудаваў.
Гэта кажа ГОСПАД: «Праца Эгіпту і прыбытак Кушу, і Савейцы, людзі высокія, пяройдуць да цябе і будуць тваімі; яны пойдуць за табой, пойдуць у кайданах, будуць пакланяцца табе і ўмольваць цябе: “Толькі ў цябе ёсьць Бог, і няма іншага”».
І Ён сказаў: «Замала таго, каб Ты быў для Мяне слугою, каб аднавіць калены Якуба і каб вярнуць выратаваных Ізраіля, але Я пастаўлю Цябе Сьвятлом для народаў, каб быў Ты збаўленьнем Маім аж да краю зямлі».
«ГОСПАДЗЕ, сіла мая і цьвярдыня мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі! Да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Толькі хлусню і марнасьць атрымалі ў спадчыну бацькі нашыя, і няма ад іх карысьці”.
І будзе лік сыноў Ізраіля як пясок марскі, якога нельга ані памераць, ані палічыць. І станецца, што ў месцы, у якім было сказана ім: «Вы — не народ Мой», будзе сказана ім: «Вы — сыны Бога Жывога».
І Ён будзе судзіць паміж шматлікімі народамі, і будзе дакараць народы магутныя, якія далёка; і яны перакуюць мячы свае на плугі і дзіды свае на сярпы; не падыме народ на народ мяча і ня будуць больш вучыцца ваяваць.
І далучыцца шмат народаў да ГОСПАДА ў той дзень і будуць Мне народам, і Я буду жыць пасярод цябе, і ты даведаешся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне да цябе.
Бо ад усходу сонца аж да заходу яго вялікае [будзе] імя Маё сярод народаў, і на кожным месцы будуць прыносіць кадзіла для імя Майго, і дар чысты, бо вялікае [будзе] імя Маё сярод народаў, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
І сёмы анёл затрубіў, і сталіся вялікія галасы ў небе, якія казалі: «Валадарствы сьвету сталіся [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і Ён будзе валадарыць на вякі вякоў».