І станецца выпаленая [зямля] возерам, а засьмягшая [зямля] — крыніцай вады, і ў логавішчах цмокаў, дзе месца супачынку іхняга, вырастуць трысьнёг і чарот.
І будзе ГОСПАД весьці цябе заўсёды, і насыціць душу тваю ў зямлі сухой, і ўмацуе косткі твае. І будзеш ты як сад паліваны, і як крыніца вады, у якой не сканчваецца вада ейная.
І [ворага] з поўначы аддалю ад вас, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю [дружыну] ягоную — у мора ўсходняе, а заднюю [дружыну] — у мора заходняе; і ўзьнімецца ад яго смурод, і пойдзе ад яго пах гнілізны, бо ён учыніў [ліха] вялікае.
І станецца ў той дзень: горы будуць ацякаць маладым віном, і з узгоркаў пацячэ малако, і ўсе ручаіны Юды напоўняцца вадою, і крыніца выйдзе з Дому ГОСПАДА, і напоіць даліну Шыттым.
І пойдуць шмат народаў, і скажуць: «Пойдзем і ўзыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і Ён навучыць нас шляхам Сваім, і мы будзем хадзіць па сьцежках Ягоных». Бо з Сыёну выйдзе закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму.
І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Аліўнай, якая перад абліччам Ерусаліму з усходу; і рашчэпіцца гара Аліўная папалам, на ўсход і на захад, [і будзе] даліна вельмі вялікая, і пасунецца палова гары на поўнач, а палова — на поўдзень.
бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў.
І Дух, і нявеста кажуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай скажа: «Прыйдзі!» І той, хто смагне, няхай прыходзіць, і той, хто хоча, няхай бярэ ваду жыцьця дарма.