А калі вы гэтага не паслухаеце, будзе плакаць таемна душа мая з прычыны пыхі вашай. І плачучы, буду плакаць, і зальюцца сьлязьмі вочы мае, бо чарада ГОСПАДА ідзе ў няволю.
І ты скажаш ім слова гэтае: “Няхай вочы мае выліваюць сьлёзы ўначы і ўдзень, і няхай не спыняюцца, бо біцьцём вялікім пабітая дзяўчына, дачка народу майго, ударам вельмі вялікім.
Мы ляжым у сораме нашым, і ганьба нашая нас пакрывае, бо мы зграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага, мы і бацькі нашыя, ад маладосьці нашай аж да дня гэтага, і ня слухалі мы голасу ГОСПАДА, Бога нашага”.
У гарах Я ўзьніму плач і галашэньне, а на пашах у пустыні — сьпеў жалобны, бо яны спаленыя, няма нікога, хто там праходзіць, і не чутно там рыку быдла; ад птушкі нябеснай аж да дзікага зьвера ўсе разьбегліся, зьніклі.
Паслухайце, жанчыны, слова ГОСПАДА, і няхай прыймуць вушы вашыя слова вуснаў Ягоных, і навучыце дочак вашых галашэньням, а адна другую — песьням жалобным.
Яна плачма плача ўначы, і сьлёзы ейныя на шчоках у яе. Няма для яе пацяшальніка з усіх, што любілі яе; усе сябры ейныя здрадзілі ёй, сталі ворагамі для яе.
Выцяклі сьлязьмі вочы мае, унутранасьці мае скорчыліся, вантробы мае вываліліся на зямлю з прычыны загубы дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты зьнемагаюць на вуліцах гораду.
Што я засьведчу табе? З кім параўнаю цябе, дачка Ерусаліму? Каго параўнаю з табою, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сыёну? Бо вялікая, як мора, загуба твая. Хто можа вылечыць цябе?
Крычала сэрца іхняе да Госпада. О, мур дачкі Сыёну! Няхай выліваюцца, як ручай, сьлёзы ўдзень і ўначы, не давай сабе адпачынку, няхай не супакойваецца зрэнка вока твайго.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, Госпад: “На ўсіх плошчах лямант, і на ўсіх вуліцах будуць казаць: “Аёй! Аёй!”, і будуць клікаць земляроба на жалобу і тых, якія ведаюць галашэньні, каб галасілі!