Яны вярнуліся да беззаконьня бацькоў сваіх даўнейшых, якія не хацелі слухаць словаў Маіх, і яны пайшлі да багоў чужых, каб служыць ім. Дом Ізраіля і дом Юды зламалі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.
І яны павярнуліся да Мяне патыліцаю, а не абліччам, і, хоць Я навучаў іх, устаючы ўначы і навучаючы, але яны не хацелі слухаць, каб прыняць настаўленьне.
Аббяжыце вуліцы Ерусаліму, паглядзіце і прасачыце, і абшукайце на пляцах ягоных, ці знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто чыніць суд, шукае праўды, і Я прабачу ім.
ГОСПАДЗЕ, ці ж вочы Твае ня [зьвернуты] да праўды? Ты ўдарыў іх, а ім не баліць, Ты панішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць настаўленьне; яны закамянілі абліччы свае горш за скалу і адмовіліся навярнуцца.
Слухайце слова ГОСПАДА, сыны Ізраіля, бо ГОСПАД мае спрэчку з жыхарамі зямлі гэтай, бо няма праўды і няма міласэрнасьці, і няма веданьня Бога на зямлі.
Я сказаў: “Толькі бойся Мяне, прыймі настаўленьне, і ня будзе зьнішчана сяліба твая, усё, што Я наведаю ў цябе”. Але яны ўсталі раніцаю, каб псаваць усе ўчынкі свае.