Таму як салому зьядае язык вогненны, а сена зьнікае ў полымі, так корань іхні станецца гнільлём, і краса іхняя разьляціцца, як пыл, бо яны адкінулі Закон ГОСПАДА Магуцьцяў, і словамі Сьвятога Ізраіля пагардзілі.
«Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе паселішчы ўсялякія беды, якія прамаўляў супраць іх, бо яны зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць словаў Маіх».
І скажаш: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды і жыхары Ерусаліму! Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду няшчасьце на месца гэтае, так што ў кожнага, хто гэта чуе, зашуміць у вушах ягоных,
за тое, што яны ня слухалі словаў Маіх, кажа ГОСПАД, якія Я пасылаў да іх праз слугаў Маіх прарокаў, устаючы ўначы і пасылаючы, а яны ня слухалі, кажа ГОСПАД”.
Абрэжцеся дзеля ГОСПАДА і адкіньце скуравінкі сэрцаў вашых, мужы Юды і жыхары Ерусаліму, бо выйдзе гнеў Мой, як агонь, і будзе гарэць, і не затухне з прычыны ліхіх учынкаў вашых”.
І Я напужаю Элям перад абліччам ворагаў іхніх і перад абліччам тых, якія шукаюць душу іхнюю. І прывяду на іх ліха і лютасьць гневу Майго, кажа ГОСПАД, і пашлю за імі меч, пакуль ня [вынішчу] іх да канца.
Да каго я маю казаць і каго перасьцерагаць, каб паслухаў? Вось, неабрэзанае вуха іхняе, і ня могуць яны чуць. Вось, слова ГОСПАДА сталася для іх у насьмешку, і яны не жадаюць яго.
І ўвесь Ізраіль парушыў Закон Твой, і яны адвярнуліся, каб ня слухаць голасу Твайго. І выліўся на нас праклён і прысяга, якія запісаныя ў Законе Майсея, слугі Божага, бо мы саграшылі супраць Яго.
Зьнішчаны народ Мой, бо няма веданьня. За тое, што ты адкінуў веданьне, і Я адкіну цябе ад сьвятарства Майго. І як ты забыўся пра Закон Бога твайго, і Я таксама забудуся пра сыноў тваіх.
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Юды, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны пагрэбавалі Законам ГОСПАДА і не захоўвалі прыказаньні Ягоныя, і зьвяла іх хлусьня іхняя, за якой пайшлі бацькі іхнія.
За сьведкаў супраць вас сёньня клічу неба і зямлю, што я кладу перад абліччам тваім жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Выбірай жыцьцё, каб жыў ты і насеньне тваё,
я бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце выгубленыя з зямлі, у якую вы пераходзіце праз Ярдан, каб атрымаць яе. Ня будуць доўгімі дні [вашыя] на ёй, бо зьнішчыць вас [Госпад].
Бо непакорнасьць — [такі самы] грэх, як варажба, а сваволя — як пакланеньне ідалам. За тое, што ты адкінуў слова ГОСПАДА, Ён адкінуў цябе, як валадара».