Выходзьце з Бабілону, уцякайце ад Халдэйцаў! З гоманам радасьці абвяшчайце, няхай чуюць гэта, разьнясіце гэта аж да краю зямлі, кажыце: «ГОСПАД адкупіў слугу Свайго Якуба».
Так вызваленыя ГОСПАДАМ вернуцца і прыйдуць на Сыён са сьпяваньем; і радасьць вечная над галовамі іхнімі; і яны атрымаюць радасьць і вясёласьць, а смутак і ўздыханьне ўцякуць.
Пастаў сабе ўказальнікі, парастаўляй сабе знакі на дарогах, зьвярні сэрца тваё на бітую дарогу, на шлях, па якім ты ішла, і вярніся, дзяўчына Ізраіля, вярніся ў гарады твае!
Тыя, што ўратуюцца ад мяча, вернуцца з зямлі Эгіпецкай у зямлю Юды ў малой лічбе, і даведаецца ўся рэшта Юды, якія прыйшлі ў зямлю Эгіпецкую, каб пасяліцца там, чыё слова зьдзейсьніцца, Маё ці іхняе.
Уцякайце з сярэдзіны Бабілону! Няхай кожны ратуе душу сваю. Ня гіньце ў беззаконьнях ягоных! Бо гэта час помсты ГОСПАДА. Ён аддасьць яму належную плату.
Тыя, што застануцца пры жыцьці, будуць памятаць пра Мяне сярод народаў, куды будуць пераселеныя, бо Я скрышу сэрца іхняе чужаложнае, якое адступіла ад Мяне, і вочы іхнія, якія чужаложаць з ідаламі. І яны будуць брыдзіцца самімі сабою дзеля бязбожнасьці, якую чынілі ў-ва ўсіх брыдотах сваіх.