Яны выйшлі з плачам, Я прывяду іх з малітваю, Я павяду іх да струмянёў вады шляхам простым, ня будуць яны спатыкацца на ім, бо Я стаўся для Ізраіля бацькам, і Эфраім — першародны Мой.
І Я павяду сьляпых па шляху, якога ня ведаюць, і па сьцежках, якіх ня ведаюць, дам ім хадзіць. І перамяню цемру перад абліччам іхнім у сьвятло, і крывыя шляхі выпрастую. Гэтыя ўсе словы Я споўню і не пакіну іх.
І Я сказаў: “Як Я залічу цябе як сына і дам табе найкаштоўнейшую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў!” Я сказаў: “Вы будзеце клікаць Мяне ‘Ойча мой!’ і ад Мяне не адвернецеся”.
Ці ты, Эфраім, не дарагі сын для Мяне і ці не дзіцё любае? Бо колькі разоў прамаўляю супраць яго, заўжды, памятаючы, памятаю яго. Таму хвалюецца ўнутранасьць Мая дзеля яго, і, літуючыся, зьлітуюся над ім, кажа ГОСПАД.
Потым навернуцца сыны Ізраіля і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго, і Давіда, валадара свайго, і будуць баяцца ГОСПАДА і добрасьці Ягонай у апошнія дні.
І Я выльлю на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліму Дух ласкі і маленьня, і яны будуць глядзець на Таго, Якога яны прабілі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзіным [сыне], і будуць горка плакаць па Ім, як горка плачуць па першародным.
Ён у дні цела Свайго з вялікім крыкам і сьлязьмі прыносіў просьбы і ўпрошваньні да Таго, Які мог збавіць Яго ад сьмерці, і быў выслуханы дзеля багабойнасьці.