І ты скажаш ім слова гэтае: “Няхай вочы мае выліваюць сьлёзы ўначы і ўдзень, і няхай не спыняюцца, бо біцьцём вялікім пабітая дзяўчына, дачка народу майго, ударам вельмі вялікім.
А калі вы гэтага не паслухаеце, будзе плакаць таемна душа мая з прычыны пыхі вашай. І плачучы, буду плакаць, і зальюцца сьлязьмі вочы мае, бо чарада ГОСПАДА ідзе ў няволю.
Выцяклі сьлязьмі вочы мае, унутранасьці мае скорчыліся, вантробы мае вываліліся на зямлю з прычыны загубы дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты зьнемагаюць на вуліцах гораду.
Што я засьведчу табе? З кім параўнаю цябе, дачка Ерусаліму? Каго параўнаю з табою, каб пацешыць цябе, дзяўчына, дачка Сыёну? Бо вялікая, як мора, загуба твая. Хто можа вылечыць цябе?
Крычала сэрца іхняе да Госпада. О, мур дачкі Сыёну! Няхай выліваюцца, як ручай, сьлёзы ўдзень і ўначы, не давай сабе адпачынку, няхай не супакойваецца зрэнка вока твайго.