І будуць яны ў сьвятыні Маёй служыць як вартаўнікі пры брамах Дому гэтага і абслугоўваць Дом гэты, яны будуць забіваць [ахвяры] цэласпаленьня і ахвяры крывавыя для народу, і будуць стаяць перад імі, каб служыць ім.
І ён сказаў мне: «Гэта месца, дзе сьвятары будуць варыць ахвяры аднагараджэньня і ахвяры за грэх, дзе будуць пячы ахвяры хлебныя, каб не выносіць іх на вонкавы панадворак, асьвячаючы [гэтым] народ».
І ён завёў мяне да ўваходу ў Дом [Божы]. І вось, вада выцякала з-пад парогу Дому [Божага] на ўсход, бо пярэдні бок Дому гэтага [быў] на ўсход; а вада выцякала з-пад правага боку Дому, з паўднёвага боку ад ахвярніка.