Не рабі гэтак ГОСПАДУ, Богу твайму, бо ўсё, чым брыдзіцца ГОСПАД і што ненавідзіць, яны багам сваім рабілі, нават сыноў сваіх і дачок сваіх у агні палілі для багоў сваіх.
І ўзяў ён сына свайго першароднага, які пасьля яго меў валадарыць, і склаў яго ў ахвяру цэласпаленьня на мурах. І паўстала вялікае абурэньне ў Ізраільцянаў, і яны адыйшлі ад яго, і вярнуліся ў зямлю сваю.
Таксама ўсе начальнікі, сьвятары і народ памнажалі нявернасьць сваю паводле ўсіх брыдотаў народаў, і ганьбілі Дом ГОСПАДА, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.
І яны пабудавалі ўзгоркі для Баала, якія ў даліне Бэн-Гіном, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дочак сваіх дзеля Малоха. Я не загадваў ім гэтага, і не прыходзіла на сэрца Маё, каб рабіць такую брыдоту і давесьці Юду да грэху”.
І пабудавалі ўзгорак Тафэт у лагчыне Бэн-Гінном, каб паліць у агні сыноў сваіх і дачок сваіх, а гэтага Я не загадваў ім, і не прыйшло гэта на сэрца Маё.
І калі складаеце дары вашыя, калі праводзіце сыноў вашых праз агонь, вы паганіцеся з усімі ідаламі іхнімі аж па сёньняшні дзень. І Я маю даць вам, дом Ізраіля, шукаць [парады ў Мяне]? Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, ня дам вам шукаць [парады ў Мяне].
Не рабіце паводле звычаю зямлі Эгіпецкай, у якой вы жылі. І паводле звычаю зямлі Ханаан, у якую Я ўвяду вас, не рабіце, і не хадзіце паводле пастановаў іхніх.
«Кажы сынам Ізраіля: “Калі нехта з сыноў Ізраіля або з сыноў прыхадняў, якія пасяліліся ў Ізраілі, дасьць адно з дзяцей сваіх Малоху, сьмерцю памрэ; землякі ягоныя ўкамянуюць яго.
сьцеражыся, каб не патрапіць у пастку з імі, калі яны будуць выгубленыя перад табою, і не шукаць багоў іхніх, кажучы: “Як служылі народы гэтыя багам сваім, так і я буду служыць ім”.
Не кажы ў сэрцы тваім, калі ГОСПАД, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім, кажучы: “Дзеля праведнасьці маёй увёў мяне ГОСПАД, каб завалодаў я зямлёю гэтаю”, бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх ГОСПАД перад абліччам тваім.
Ня дзеля праведнасьці тваёй і ня дзеля шчырасьці сэрца твайго ўваходзіш ты, каб завалодаць зямлёю іхняй, але за бязбожнасьць народаў гэтых ГОСПАД, Бог твой, выганяе іх перад абліччам тваім, каб споўніць слова, якое Ён абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ісааку і Якубу.