У гэты час ГОСПАД аддзяліў калена Левія, каб яны насілі Каўчэг Запавету ГОСПАДА і каб стаялі перад абліччам ГОСПАДА і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Ягонае па сёньняшні дзень.
Сыны Амрама: Аарон і Майсей. Аарон быў аддзелены, каб пасьвяціць яго для Сьвятога Сьвятых, яго і сыноў ягоных, на вякі, каб яны кадзілі перад абліччам ГОСПАДА, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Ягонае на вякі.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД: «Калі ты навернешся, Я вярну цябе, і ты станеш перад абліччам Маім. І калі ты здабудзеш каштоўнае з нікчэмнага, ты будзеш як вусны Мае. Яны самі зьвернуцца да цябе, а ты ня будзеш зьвяртацца да іх.
І будуць яны ў сьвятыні Маёй служыць як вартаўнікі пры брамах Дому гэтага і абслугоўваць Дом гэты, яны будуць забіваць [ахвяры] цэласпаленьня і ахвяры крывавыя для народу, і будуць стаяць перад імі, каб служыць ім.
Але сьвятары лявіты, сыны Цадока, якія вартавалі варту сьвятыні Маёй, калі сыны Ізраіля адыйшлі ад Мяне, яны наблізяцца да Мяне, каб служыць Мне і стаяць перад абліччам Маім, каб ахвяроўваць Мне тлушч і кроў, кажа Госпад ГОСПАД.
Пры складваньні табару, калі Аарон і сыны ягоныя скончаць накрываць [рэчы] сьвятыя і ўсе прыналежнасьці сьвятыні, падыйдуць сыны Кегата, каб іх несьці. І нельга ім дакранацца [рэчаў] сьвятых, каб не памерлі. Такі вось цяжар сыноў Кегата пры Намёце Спатканьня.
Ня вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш заставаўся; каб тое, што папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
А [чалавек], які з пыхлівасьці не паслухае сьвятара, які стаіць, каб спаўняць служэньне для ГОСПАДА, Бога твайго, або судзьдзі, памрэ той чалавек, і вынішчыш зло з Ізраіля.
І прыйдуць сьвятары, сыны Левія, якіх выбраў ГОСПАД, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя ГОСПАДА, і паводле [слова] з вуснаў іхніх будзе [вырашацца] ўсякая спрэчная справа і справа скалечаньня.