Будуць есьці і паклоняцца [перад Ім] усе заможныя зямлі; упадуць перад абліччам Ягоным усе, якія ў пыл зыходзяць і ня могуць захаваць пры жыцьці душу сваю.
А ГОСПАД зажадаў скрышыць Яго і аддаць на пакуты. Калі Ён аддасьць душу Сваю ў ахвяру за грэх, Ён убачыць насеньне [Сваё] і будзе мець доўгія дні, і жаданьне ГОСПАДА будзе рукою Ягонай споўнена.
Дзеля гэтага Я дам Яму [частку] сярод многіх, і з магутнымі Ён будзе дзяліць здабычу за тое, што Ён аддаў душу Сваю на сьмерць, і ў злачынцы быў залічаны. І Ён панёс на Сабе грахі многіх, і заступіўся за злачынцаў.
Мучылі Яго, і зьдзекваліся з Яго, і Ён не адкрыў вуснаў Сваіх. Як ягня, ведзенае на зарэз, і як авечка нямая перад абліччам тых, якія стрыгуць яе, так Ён не адкрыў вуснаў Сваіх.
І пасьля шасьцідзесяці двух тыдняў будзе забіты Памазанец, і ня будзе Яго, а горад і сьвятыню зьнішчыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец ягоны — як паводка, і аж да канца вайны вызначана [быць] спусташэньням.