І станецца ў той дзень, што ГОСПАД зноў другі раз [выцягне] руку сваю, каб выкупіць рэшту народу Свайго, якая застанецца ў Асірыі і Эгіпце, у Патросе і Кушы, у Эляме і Шынэары, у Хамаце і на астравах марскіх.
І прыйдуць яны, і будуць весяліцца на вяршыні Сыёну, і прыгарнуцца да даброцьцяў ГОСПАДА, да збожжа, і віна, і алею, авечак і быдла; і станецца душа іхняя як сад напоены [вадой], і ня будуць больш жыць у нястачы.
І дасьць дрэва палявое плод свой, і зямля дасьць ураджай свой. І яны будуць жыць у бясьпецы ў зямлі сваёй, і даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі скрышу брускі ярма іхняга і вырву іх з рукі тых, якія зьняволілі іх.
І прамовіш да іх: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я вазьму сыноў Ізраіля спасярод народаў, да якіх яны пайшлі, і зьбяру іх адусюль, і ўвяду іх у зямлю іхнюю.
І яны будуць жыць на зямлі, якую даў Я слузе Майму Якубу, на якой жылі бацькі іхнія. І будуць жыць на ёй яны і сыны іхнія, і сыны сыноў іхніх на вякі, і Давід, слуга Мой, [будзе] князем у іх на вякі.
Потым навернуцца сыны Ізраіля і будуць шукаць ГОСПАДА, Бога свайго, і Давіда, валадара свайго, і будуць баяцца ГОСПАДА і добрасьці Ягонай у апошнія дні.