І сказаў Давід Салямону, сыну свайму: «Будзь цьвёрды і мужны, і рабі. Ня бойся і не палохайся, бо ГОСПАД Бог, Бог мой, з табою. Ён не адыйдзе ад цябе і не пакіне цябе, пакуль ня скончыцца ўся праца для служэньня ў Доме ГОСПАДА.
І выйшаў ён перад аблічча Асы, і сказаў яму: «Паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Бэн’ямін. ГОСПАД з вамі, калі вы будзеце з Ім; і калі будзеце шукаць Яго, Ён дасьць вам знайсьці Сябе; калі ж вы пакінеце Яго, Ён пакіне вас.
Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што ня хлеб, і працу сваю за тое, што не насыціць? Слухаючы, паслухайце Мяне і будзеце есьці [тое, што] добрае, і будзе насалоджвацца тлустым душа вашая.
Галовы ягоныя судзяць за хабары, і сьвятары ягоныя навучаюць за плату, і прарокі ягоныя прадказваюць за срэбра; і абапіраюцца на ГОСПАДА, кажучы: «Хіба няма ГОСПАДА сярод нас? Ня прыйдзе на нас ліха».
Паведамлена табе, чалавеча, што добрае, і што ГОСПАД шукае ў цябе: каб ты чыніў суд [справядлівы], і любіў міласэрнасьць, і хадзіў пакорліва з Богам тваім.
І выступілі яны супраць Майсея і супраць Аарона, і сказалі ім: «Досыць вам, бо ўся грамада, усе — сьвятыя, і пасярод іх ёсьць ГОСПАД. Дык чаму вы ставіце сябе вышэй царквы ГОСПАДА?»