“Улоньне маё, улоньне маё! Я качаюся ад болю! Сьцены сэрца майго! Трапеча ў-ва мне сэрца маё! Не магу маўчаць, бо гук трубы чуе душа мая, гармідар ваенны”.
Абвяшчайце ў Юдзе, і агаласіце ў Ерусаліме, і скажыце: “Трубіце ў трубы па ўсёй зямлі, крычыце моцна і кажыце: ‘Зьбіраймася і хадземце ў гарады ўмацаваныя!”
Вы не баіцёся Мяне, кажа ГОСПАД, не трымціце перад абліччам Маім. Я паставіў пясок мяжой для мора як мяжу вечную, якую яно не пераступіць; хоць паўстануць [хвалі], але ня змогуць, і будуць шалець хвалі, але не перакрочаць [мяжы].
Уцякайце, сыны Бэн’яміна, з сярэдзіны Ерусаліму і ў Тэкоа трубіце ў трубы, і над Бэт-Гакерэмам падыміце знак, бо з поўначы надыходзіць бяда і спусташэньне вялікае.
Бо перад днямі гэтымі не было платы для чалавека і не было платы для скаціны; і для таго, хто выходзіў, і для таго, хто ўваходзіў, не было супакою ад прыгнятальніка, бо Я паслаў кожнага чалавека супраць бліжняга ягонага.