ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.
І ГОСПАД дасьць пачуць голас Свой магутны, і моц рамяна Свайго пакажа ў выбуху гневу і ў полымі агню, які [ўсё] зьядае, у буры і навальніцы, і ў градзе камянёў.
Бо здаўна ўжо прыгатаваны Тафэт, таксама прызначаны для валадара, глыбокі і шырокі, вогнішча агню, і дрэва шмат; і подых ГОСПАДА, як струмень серкі, распаліць яго.
Таму як салому зьядае язык вогненны, а сена зьнікае ў полымі, так корань іхні станецца гнільлём, і краса іхняя разьляціцца, як пыл, бо яны адкінулі Закон ГОСПАДА Магуцьцяў, і словамі Сьвятога Ізраіля пагардзілі.
Вось, вы ўсе, якія распальваеце агонь, узбройваецеся стрэламі вогненнымі, ідзіце ў полымя агню вашага, сярод стрэлаў вогненных, якія вы распалілі. Гэта рука Мая зрабіла вам, і вы будзеце качацца ў пакутах.
І [ворага] з поўначы аддалю ад вас, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю [дружыну] ягоную — у мора ўсходняе, а заднюю [дружыну] — у мора заходняе; і ўзьнімецца ад яго смурод, і пойдзе ад яго пах гнілізны, бо ён учыніў [ліха] вялікае.
І станецца дом Якуба агнём, а дом Язэпа — полымем, а дом Эзава — саломай, і яны будуць палаць супраць іх, і ня будзе пазасталых у доме Эзава, бо ГОСПАД прамовіў [гэта].
Бо вось, надыходзіць дзень, які палае, як печ, і ўсе свавольныя, і ўсе тыя, якія робяць нягоднасьць, будуць як салома, і спаліць іх дзень, які надыходзіць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, што не застанецца ад іх ані кораня, ані галінкі.
і дым мучэньняў іхніх будзе ўзьнімацца на вякі вякоў, і ня будуць мець супачынку ўдзень і ўначы тыя, якія пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму, і якія атрымалі пазнаку імя ягонага.