Тады прыходзьце і спрачайцеся са Мною, — кажа ГОСПАД. Хоць бы грахі вашыя былі, як пурпур, як сьнег стануцца белымі; хоць бы былі чырвоныя, як кармазын, стануцца як воўна.
Дзеля гэтага чакае ГОСПАД, каб зьлітавацца над вамі, і дзеля гэтага Ён узьнімецца, каб зьлітавацца над вамі, бо ГОСПАД — Бог правасудзьдзя. Шчасьлівыя ўсе, якія на Яго спадзяюцца.
І будзе сьвятло месяца як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сямікроць [ясьнейшае], чым сьвятло сямі дзён, у дзень, калі ГОСПАД перавяжа раны народу Свайго і загоіць сінякі ад удараў Сваіх.
Бо гэта кажа Высокі і Узьнесены, Які жыве вечна, і Сьвятое імя Ягонае: «Я жыву на вышынях і ў сьвятасьці, і [Я жыву] з тым, хто зламаны і спакораны духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца прыгнечаных.
І будзе ГОСПАД весьці цябе заўсёды, і насыціць душу тваю ў зямлі сухой, і ўмацуе косткі твае. І будзеш ты як сад паліваны, і як крыніца вады, у якой не сканчваецца вада ейная.
А калі вы гэтага не паслухаеце, будзе плакаць таемна душа мая з прычыны пыхі вашай. І плачучы, буду плакаць, і зальюцца сьлязьмі вочы мае, бо чарада ГОСПАДА ідзе ў няволю.