Гора табе, народ грэшны, народ, абцяжараны беззаконьнем, насеньне ліхадзейскае, сыны сапсутасьці! Вы пакінулі ГОСПАДА, пагардзілі Сьвятым Ізраіля, павярнуліся сьпінай [да Яго].
Хто аддаў Якуба на рабаваньне, і Ізраіль — на спусташэньне? Хіба ня ГОСПАД, супраць Якога мы грашылі, і не хацелі хадзіць шляхамі Ягонымі, і ня слухалі Закону Ягонага?
І гэта сабакі ненажэрныя, якія ня ведаюць сытасьці! Гэта пастыры, якія ня маюць разуменьня, усе яны завярнулі на шлях свой, кожны [шукае] карысьці сваёй і ня маюць канца [ў гэтым],
[Ёсьць такі,] што забівае ў ахвяру вала і забівае чалавека; ахвяроўвае барана і скручвае галаву сабаку, складае ахвяру хлебную і ўжывае кроў сьвіньні, паліць кадзіла і шануе ідала. Як яны выбралі шляхі свае, і душа іхняя ўпадабала брыдоту,
ГОСПАДЗЕ, ці ж вочы Твае ня [зьвернуты] да праўды? Ты ўдарыў іх, а ім не баліць, Ты панішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць настаўленьне; яны закамянілі абліччы свае горш за скалу і адмовіліся навярнуцца.
Дзеля таго жонак іхніх Я аддам іншым, палі іхнія — [іншым] уласьнікам, бо ад найменшага да найбольшага яны хцівыя да зыску. Ад прарока да сьвятара ўсе робяць хлусьню.
Я зважаў і слухаў. Ніхто не прамаўляе [праўдзіва], няма нікога, хто каецца з прычыны ліхоты сваёй, кажучы: “Што ж я нарабіў?” Кожны бяжыць у бегу сваім, як конь, які нясецца ў бітве.
І прыходзяць да цябе, як на сход народу, і сядзіць перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць яны словы твае; але іх не выконваюць, бо тое, што прыемнае ў вуснах іхніх, яны робяць, а сэрца іхняе ідзе за хцівасьцю іхняй.