І пойдуць народы шматлікія, і скажуць: «Хадземце, узыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і няхай Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных, бо з Сыёну выйдзе Закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму».
Я завяду на гару сьвятасьці Маёй і ўзрадую іх у доме малітвы Маім. Цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць даспадобы [Мне] на ахвярніку Маім, бо дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў.
Ня будзе больш чуваць у зямлі тваёй пра гвалт, пра спусташэньне і зьнішчэньне ў межах тваіх. І ты назавеш муры твае збаўленьнем, а брамы твае — хвалою.
І яны прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў як дар для ГОСПАДА на конях і на вазах, на насілах, і на мулах, і на вярблюдах на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа ГОСПАД, як сыны Ізраіля прыносяць дар у чыстых пасудзінах у Дом ГОСПАДА.
У той час Я прывяду вас, і ў той час Я зьбяру вас, бо Я дам вам імя [слаўнае] і хвалу паміж усімі народамі зямлі, калі вярну палонных вашых перад вачыма вашымі, кажа ГОСПАД.
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам. Таму, хто пераможа, Я дам есьці ад манны схаванае і дам яму каменьчык белы, і на каменьчыку імя новае напісанае, якога ніхто ня ведае, толькі той, хто атрымаў”.
Таго, хто пераможа, Я зраблю слупом у бажніцы Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліму, які зыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае’.
Той, хто пераможа, будзе апрануты ў белыя шаты; і Я ня вытру імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае перад Айцом Маім і перад анёламі Ягонымі’.