І гэта сабакі ненажэрныя, якія ня ведаюць сытасьці! Гэта пастыры, якія ня маюць разуменьня, усе яны завярнулі на шлях свой, кожны [шукае] карысьці сваёй і ня маюць канца [ў гэтым],
А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах [сваіх].
Дзеля таго жонак іхніх Я аддам іншым, палі іхнія — [іншым] уласьнікам, бо ад найменшага да найбольшага яны хцівыя да зыску. Ад прарока да сьвятара ўсе робяць хлусьню.
Вы зьнеслаўляеце Мяне перад народам Маім за жменю ячменю і кавалак хлеба, забіваючы душы, якія не павінны памерці, і ашчаджаючы душы, якія ня маюць жыць, калі падманваеце народ Мой, які слухае падман.
Галовы ягоныя судзяць за хабары, і сьвятары ягоныя навучаюць за плату, і прарокі ягоныя прадказваюць за срэбра; і абапіраюцца на ГОСПАДА, кажучы: «Хіба няма ГОСПАДА сярод нас? Ня прыйдзе на нас ліха».
Няхай нехта з вас замкне дзьверы [сьвятыні], і не распальвайце ахвярнік Мой надарэмна. Я ня маю ўпадабаньня да вас, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і не прыйму дару з рукі вашай.
Гэта наракальнікі, якія нічым не задавальняюцца, якія ходзяць паводле пажаданьняў сваіх; і вусны іхнія гавораць пыхліва, і яны зважаюць на аблічча дзеля карысьці.
Чаму вы топчаце нагамі ахвяры Мае крывавыя і ахвяры хлебныя, якія Я ўстанавіў, каб яны былі складаныя ў сьвятыні. Ты больш шануеш сыноў сваіх, чым Мяне, каб яны сыцелі на найлепшых частках з усіх дароў Ізраіля, народу Майго”.