І блізкі ўжо час ягоны, і дні ягоныя ня будуць цягнуцца. Бо зьлітуецца ГОСПАД над Якубам, і зноў выбярэ Сабе Ізраіля, і зьмесьціць іх у зямлі іхнія; і далучыцца да іх прыхадзень, і будзе належаць да дому Якуба.
Радуйцеся, нябёсы, бо ГОСПАД зрабіў гэта; усклікайце, глыбіні зямлі! Радасна гукайце, горы і лес, і ўсе дрэвы ў ім, бо ГОСПАД адкупіў Якуба і праславіўся ў Ізраілі.
Выходзьце з Бабілону, уцякайце ад Халдэйцаў! З гоманам радасьці абвяшчайце, няхай чуюць гэта, разьнясіце гэта аж да краю зямлі, кажыце: «ГОСПАД адкупіў слугу Свайго Якуба».
Бо пацешыць ГОСПАД Сыён, пацешыць усе руіны ягоныя, і зробіць Ён пустыню ягоную як Эдэм, і стэп ягоны — як сад ГОСПАДА. І будуць знойдзены ў ім вясёласьць і радасьць, дзякаваньне і голас сьпяваньня.
Бо вы з радасьцю выйдзеце, і ў супакоі правядуць вас. Горы і ўзгоркі перад вамі будуць цешыцца са сьпяваньнем, а ўсе дрэвы палявыя будуць пляскаць у далоні.
Тады будзе радавацца дзяўчына ў танцы, і юнакі, і старыя разам [з ёю]. І Я перамяню жалобу іхнюю ў радасьць, і суцешу іх, і ўзьвесялю іх ад смутку іхняга.