І блізкі ўжо час ягоны, і дні ягоныя ня будуць цягнуцца. Бо зьлітуецца ГОСПАД над Якубам, і зноў выбярэ Сабе Ізраіля, і зьмесьціць іх у зямлі іхнія; і далучыцца да іх прыхадзень, і будзе належаць да дому Якуба.
Бо Ты стаўся цьвярдыняй для беднага, цьвярдыняй для ўбогага ў бядзе ягонай, прыстанішчам ад буры, ценем ад сьпёкі, бо подых моцных — як бура супраць сьцяны.
І станецца выпаленая [зямля] возерам, а засьмягшая [зямля] — крыніцай вады, і ў логавішчах цмокаў, дзе месца супачынку іхняга, вырастуць трысьнёг і чарот.
Бо горы зрушацца і ўзгоркі захістаюцца, але міласэрнасьць Мая не адыйдзе ад цябе, і запавет супакою Майго не пахісьнецца, кажа ГОСПАД, Які літуецца над табою.
І будзе ГОСПАД весьці цябе заўсёды, і насыціць душу тваю ў зямлі сухой, і ўмацуе косткі твае. І будзеш ты як сад паліваны, і як крыніца вады, у якой не сканчваецца вада ейная.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, слугі Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; слугі Мае будуць піць, а вы будзеце смагнуць; слугі Мае будуць радавацца, а вы будзеце асаромленыя.
Яны выйшлі з плачам, Я прывяду іх з малітваю, Я павяду іх да струмянёў вады шляхам простым, ня будуць яны спатыкацца на ім, бо Я стаўся для Ізраіля бацькам, і Эфраім — першародны Мой.
І сталася, калі ўзыйшло сонца, што Бог вызначыў гарачы ўсходні вецер, і сонца пякло галаву Ёне, ажно ён млеў, і зычыў душы сваёй памерці, і сказаў: «Лепш мне памерці, чым жыць».
Пасьві народ Твой дубцом Тваім, авечак спадчыны Тваёй, якія жывуць асобна ў лесе, сярод Кармэлю. Няхай яны пасьвяцца ў Башане і Гілеадзе, як у дні старадаўнія.