У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой перад абліччам Ягоным дайшоў да вушэй Ягоных.
Чаму, калі Я прыйшоў, не было нікога? Я клікаў, і ніхто не адказваў? Ці ж кароткай стала рука Мая, каб вызваляць? Ці ж ня маю Я сілы, каб выратоўваць? Вось, пагрозай Маёй Я высушваю мора, перамяняю рэкі ў пустыню, і гніюць рыбы іхнія без вады, і дохнуць ад смагі.
І задрыжаць перад абліччам Маім рыбы марскія і птушкі нябесныя, зьвяры палявыя і ўсё, што поўзае па зямлі, і ўсе людзі, якія на абліччы зямлі. І будуць зруйнаваныя горы, і заваляцца стромыя [скалы], і ўсе муры ўпадуць на зямлю.
І ў тую гадзіну стаўся землятрус вялікі, і дзясятая частка гораду завалілася, і былі забітыя ў землятрусе сем тысячаў імёнаў чалавечых; і іншыя сталіся ў страху і аддалі славу Богу Нябеснаму.
І сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус стаўся вялікі, якога ня было ад [часоў], як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткі землятрус! Такі вялікі!