ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх.
Бо гэта сказаў ГОСПАД да мяне: «Як леў і львянятка вуркоча над здабычай сваёй, калі супраць яго зьбіраецца грамада пастухоў, і ён не палохаецца голасу іхняга, не пужаецца гармідару іхняга, так ГОСПАД Магуцьцяў зыйдзе, каб ваяваць на гары Сыён і на ўзгорку ейным.
Глянь з неба і пабач з Сялібы сьвятасьці Тваёй і велічы Тваёй! Дзе рэўнасьць Твая і магутнасьць Твая? Узрушанасьці нутра Твайго і ласкавасьці Тваёй да мяне ня стрымлівай.
Вялікая будзе ўлада Ягоная, і супакою ня будзе канца на пасадзе Давіда і ў валадарстве Ягоным, якое Ён паставіць моцна і ўмацуе судом і праведнасьцю ад цяпер і на вякі. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта.
А ты будзеш прарочыць ім усе словы гэтыя і скажаш ім: “ГОСПАД грыміць з вышыняў, з Сялібы Сваёй сьвятой дае голас Свой, грымотамі грыміць супраць паселішчаў Сваіх, падымае крык, як выціскачы [віна], адказвае да ўсіх жыхароў зямлі.
І ГОСПАД загрыміць з Сыёну, і выдасьць голас Свой з Ерусаліму, і задрыжаць неба і зямля; але ГОСПАД — прыстанішча для народу Свайго і апора для сыноў Ізраіля.
Ані срэбра іхняе, ані золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень гневу ГОСПАДА, але агнём рэўнасьці Ягонай будзе зьедзена ўся зямля, бо загубу страшэнную Ён учыніць для жыхароў зямлі гэтай.
Дзеля гэтага чакайце Мяне, кажа ГОСПАД, у дзень, калі Я паўстану, каб [узяць] здабычу, бо на суд Мой Я зьбяру народы, зграмаджу валадарствы, каб выліць на іх абурэньне Маё, увесь жар гневу Майго, бо агнём рэўнасьці Маёй будзе праглынута ўся зямля.