Бушуюць плямёны, як бушуюць воды вялікія; але пасварыцца на іх [Бог], і яны ўцякуць далёка, і будуць падхопленыя ветрам як мякіна на гарах і як [круціцца] віхор перад бурай.
У гарах Я ўзьніму плач і галашэньне, а на пашах у пустыні — сьпеў жалобны, бо яны спаленыя, няма нікога, хто там праходзіць, і не чутно там рыку быдла; ад птушкі нябеснай аж да дзікага зьвера ўсе разьбегліся, зьніклі.
І Я аддам зямлю гэтую на спусташэньне і разрабаваньне, і скончыцца пыхлівасьць магутнасьці ейнай, і горы Ізраіля будуць спустошаныя; і ніхто ня будзе хадзіць [там].
Тады разьбіліся на кавалкі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата і сталіся як мякіна на таку летам, і вецер панёс іх, і ніякага сьледу не знайшлося пасьля іх. А камень, які ўдарыў балвана, стаў гарою вялізарнаю і напоўніў усю зямлю.
Устань і малаці, дачка Сыёну, бо Я зраблю рог твой з жалеза і капыты твае зраблю з медзі, і ты скрышыш шмат народаў, і зробіш заклятым для ГОСПАДА прыбытак іхні і багацьце іхняе [аддасі] для ГОСПАДА ўсёй зямлі.
І будзе рэшта Якуба сярод народаў, сярод мноства народаў, як леў сярод зьвяроў лесу, як ільвяня сярод чарады авечак, якое, калі ўвойдзе, топча і разьдзірае, і [ніхто] ня можа выратаваць.
Хто ты, гара вялікая? Перад абліччам Зэрубабэля [ты будзеш] раўніна, і ён прынясе камень вуглавы з гуканьнямі: ‘[Няхай знойдзе] ласку, [няхай будзе] ласка для яго!’”