Хто зьмераў жменяй сваёй воды, і хто неба зьмераў пядзяй сваёй? Хто трацінай меркі памераў пыл зямлі? Хто ўзважыў на вагах горы, а на шалях — узгоркі?
Хто ўзыходзіў на неба і зыходзіў? Хто сабраў вецер у жменю сваю? Хто зьвязаў воды ў адзежу? Хто ўмацаваў усе канцы зямлі? Якое імя яго і якое імя сына ягонага, ці ведаеш ты?
Гэта кажа ГОСПАД. Калі магчыма зьмераць неба ўгары і дасьледаваць падваліны зямлі ўнізе, тады Я адкіну ўсё насеньне Ізраіля за ўсё тое, што яны зрабілі, кажа ГОСПАД.
Бо Ён — Той, Які фармуе горы і стварае вецер, і выяўляе чалавеку думкі Свае, робіць зараніцу цемраю і крочыць па ўзгорках зямлі; ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, — імя Ягонае.