І Ён дасьць дождж на насеньне тваё, якое ты пасеяў на палетку тваім, і хлеб ураджаю зямлі будзе сытны і пажыўны. У той дзень чарада твая будзе пасьвіцца на пашах шырокіх.
І будзе ГОСПАД весьці цябе заўсёды, і насыціць душу тваю ў зямлі сухой, і ўмацуе косткі твае. І будзеш ты як сад паліваны, і як крыніца вады, у якой не сканчваецца вада ейная.
Ці ёсьць сярод марных [багоў] паганскіх такія, што маглі спасылаць дождж? Ці неба [само] дае залевы? Ці ж ня Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа наш? У Табе мы маем надзею, бо Ты ўчыніў усё гэта.
І малацьба [хлеба] працягнецца да збору вінаграду, а зьбіраньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і будзеце жыць у бясьпецы на зямлі сваёй.
Прынясіце ўсю дзесяціну ў дом скарбніцы, і будзе ежа ў Доме Маім, і выспрабуйце Мяне ў гэтым, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, ці не адчыню Я для вас вокны нябесныя, і ці ня выльлю на вас дабраславенства больш, чым досыць?