Бо вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, каб наведаць беззаконьне жыхароў зямлі, [кожнага] з іх. І зямля адкрые кроў, [пралітую] на ёй, і не схавае больш забітых сваіх.
Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы [ворагаў], ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся».
Бо ты спадзявалася на злоснасьць тваю і казала: «Ніхто ня ўбачыць мяне». Мудрасьць твая і веданьне тваё падманулі цябе, і ты сказала ў сэрцы тваім: «Я, і больш ніхто!»
Таму як салому зьядае язык вогненны, а сена зьнікае ў полымі, так корань іхні станецца гнільлём, і краса іхняя разьляціцца, як пыл, бо яны адкінулі Закон ГОСПАДА Магуцьцяў, і словамі Сьвятога Ізраіля пагардзілі.
Бо вінаграднік ГОСПАДА Магуцьцяў — гэта дом Ізраіля, а мужы Юды — парастак выбраны Яго. І Я спадзяваўся, [што будзе] суд, а вось, праліцьцё крыві, [чакаў] праведнасьці, а вось крыкі [пагрозаў].
Няма [нікога], хто кліча пра праведнасьць, няма [нікога], хто судзіць справядліва. Спадзяюцца на пустое і гавораць марнае, зачынаюць гора і нараджаюць злачынства.
Гэта кажа ГОСПАД: “За тры правіны Юды, нават за чатыры, не дарую яму, бо яны пагрэбавалі Законам ГОСПАДА і не захоўвалі прыказаньні Ягоныя, і зьвяла іх хлусьня іхняя, за якой пайшлі бацькі іхнія.