І я ведаю, Божа мой, што Ты выспрабоўваеш сэрца, і шчырасьць даспадобы Табе. І я ў шчырасьці сэрца майго ахвотна прынёс у дар усё гэта. І цяпер я бачу з радасьцю народ Твой, які знаходзіцца тут і дабраахвотна прыносіць дары Табе.
Дзеля гэтага чакае ГОСПАД, каб зьлітавацца над вамі, і дзеля гэтага Ён узьнімецца, каб зьлітавацца над вамі, бо ГОСПАД — Бог правасудзьдзя. Шчасьлівыя ўсе, якія на Яго спадзяюцца.
І будзе там гасьцінец і шлях, і назавуць яго шляхам сьвятым, і ня будзе хадзіць па ім нячысты, і будзе ён толькі для іх, і неразумны не заблукае, калі пойдзе шляхам [гэтым].
І Я павяду сьляпых па шляху, якога ня ведаюць, і па сьцежках, якіх ня ведаюць, дам ім хадзіць. І перамяню цемру перад абліччам іхнім у сьвятло, і крывыя шляхі выпрастую. Гэтыя ўсе словы Я споўню і не пакіну іх.
Так што не судзіце перад часам, пакуль ня прыйдзе Госпад, Які і асьветліць схаванае ў цемры, і выявіць намеры сэрцаў; і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.
Бо пахвала нашая гэткая — сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце і шчырасьці Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі ў сьвеце, а асабліва ў вас.